«РАБО́ТНІЦКА-СЯЛЯ́НСКАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,

вячэрняя штодзённая насценная газета Захфронтроста. Выдавалася 4.7—25.9.1920 пераважна ў Мінску на бел. мове. Рэдактар З.​Жылуновіч (Ц.​Гартны). Пачала выходзіць у час ліп. аперацыі сав.-польскай вайны 1920. Выконвала ролю масавага агітатара і паліт. выхавальніка малапісьменнага чытача: адметнасць стылю, кароткая перадавіца, сціслыя фразы, буйны шрыфт; друкавалася на адной старонцы газетнага аркуша. Мела рубрыкі: «Абарона савецкіх рэспублік», «Весткі з заграніцы», «На Беларусі» і інш. Змяшчала аператыўныя звесткі з франтоў, асвятляла ход ваен. дзеянняў і этапы мірных перагавораў з Польшчай, міжнар. становішча і акцыі салідарнасці з Сав. Расіяй у Англіі, Францыі і інш. краінах. Надрукавала вершы З.​Бядулі (пад псеўд. Вольны) і А.​Бабарэкі (пад псеўд. Адам Чырвоны). Выйшла 46 нумароў.

В.​М.​Герасімаў.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)